Міжнародная выстава ECOLOGY EXPO пройдзе ў Мінску з 22 па 24 жніўня

11.07.2023

З 22 па 24 жніўня ў Мінску пройдзе II Міжнародная спецыялізаваная выстава ECOLOGY EXPO - 2023. Гэта ўнікальная падзея, на якой будуць прадстаўлены інавацыі ў галіне экалогіі, абыходжання з адходамі, рэсурсазберажэння.

Выстава будзе працаваць пад дэвізам "Зялёныя тэхналогіі - выклікі і магчымасці для эканомікі".

Выставачная экспазіцыя сёлета будзе прадстаўлена па васьмі напрамках: "Экалагічныя тэхналогіі ў развіцці", "Адходы і другасная сыравіна", "Тэхналогіі экалагічна дружалюбнага будаўніцтва", "Экатранспарт", "Экаасяроддзе", "Экахарчаванне і экаўпакоўка", "Экатурызм", "Навуковыя даследаванні ў сферы экалогіі, экалагічная адукацыя і асвета".

На вулічнай экспазіцыі будуць дэманстравацца электрамабілі, а на экакірмашы можна будзе набыць натуральныя тавары для ўсёй сям'і. Для дзяцей і дарослых будуць арганізаваны гульні, экскурсіі, дыскусіі і лекцыі па актуальных тэмах экалогіі. Прадстаўнікі заказнікаў, запаведнікаў і нацыянальных паркаў раскажуць аб новых турыстычных маршрутах, экскурсійнай праграме.

Дзяржаўная ўстанова "Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў" таксама прадставіць на выставе цікавую і яркую праграму ў рамках інфармацыйнай кампаніі па сарціроўцы адходаў "Мэта 99". Наведвальнікаў стэнда чакаюць віктарыны, акцыі і пазнавальныя майстар-класы.

Выстава ECOLOGY EXPO - гэта выдатная магчымасць для абмену вопытам, пошуку партнёраў і вырашэння праблем у сферы аховы навакольнага асяроддзя. Выстава будзе адкрыта для наведвальнікаў з 10.00 да 18.00 у першыя два дні і з 10.00 да 16.00 у апошні дзень. Уваход у першы дзень - па папярэдняй рэгістрацыі, у другі і трэці дзень - вольны. Адрас выставы: Мінск, пр-т Пераможцаў,14.
Назад да спісу