Згодна з высновамі новага даклада Праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЭП), забруджванне пластыкам можа зменшыцца на 80 працэнтаў да 2040 года, калі краіны і кампаніі правядуць глыбокія змены ў палітыцы і на рынках.
Аўтары адзначаюць, што найперш неабходна змяніць падыход да вытворчасці, спажывання і ўтылізацыі пластыка, каб абараніць экасістэмы, людзей і эканоміку ад яго шкоднага ўздзеяння. У дакладзе адлюстравана, як гэта можна зрабіць з дапамогай цыркулярнай мадэлі, якая захоўвае пластык у эканоміцы замкнутага цыклу. Эксперты прапануюць наступныя крокі.ПАЗБАВІЦЦА АД НЕПАТРЭБНАГА ПЛАСТЫКА
Гэта датычыцца тых відаў пластыка, якія можна лёгка замяніць на іншыя матэрыялы ці якія не нясуць ніякай каштоўнасці для спажыўцоў.
ПЕРАЙСЦІ ДА ПАЎТОРНАГА ВЫКАРЫСТАННЯ
Стварэнне сістэмы абмену ці звароту пластыкавай ўпакошкі або тавараў пасля выкарыстання павінна стаць прыярытэтам. Такім чынам можна зменшыць спажыванне новага пластыка і знізіць аб'ём адходаў на 30 працэнтаў да 2040 года. У дакладзе апісваюцца і канкрэтныя прыклады, як гэта зрабіць: бутэлькі шматразовага выкарыстання, дазатары для сыпкіх матэрыялаў, схемы вяртання дэпазітаў, схемы вяртання ўпакоўкі. Аднак укараненне іх павінна быць не прыватнымі ініцыятывамі, а дзяржаўнымі стратэгіямі.
ПАЛЕПШЫЦЬ ПЕРАПРАЦОЎКУ
Змяншэнне аб'ёмаў забруджвання пластыкам яшчэ на 20 працэнтаў да 2040 года можа быць дасягнута пры ўмове, што перапрацоўка адходаў стане больш стабільнай і прыбытковай справай, зазначаецца ў дакладзе. Неабходна распрацаваць стандарты вытворчасці пластыкавых вырабаў, каб яны лёгка паддаваліся падзелу і перапрацоўцы. Таксама гэта азначае стварэнне інфраструктуры для збору і перапрацоўкі пластыкавых адходаў і стымуляванне попыту на перапрацаваны пластык. Яшчэ адна мера - адмена субсідый на здабычу і вытворчасць выкапнёвага паліва.
ЗНАЙСЦІ АЛЬТЭРНАТЫВЫ
Пошук і развіццё новых матэрыялаў, якія могуць замяніць пластык у некаторых выпадках. Напрыклад, папера ці біяупаковка, якую можна кампаставаць, могуць быць скарыстаны для ўпакоўвання прадуктаў ці ежы навынас. Гэта дапаможа забяспечыць дадатковае памяншэнне аб'ёмаў забруджвання пластыкам на 17 працэнтаў.
УТЫЛІЗАВАЦЬ АДКАЗНА
Важна забяспечыць бяспечнае пазбаўленне ад тых відаў пластыка, якія не падыходзяць для паўторнага выкарыстання ці перапрацоўкі. Для гэтага трэба ўсталяваць стандарты бяспекі для ўтылізацыі пластыкавых адыходаў і ўскласці на вытворцаў адказнасць за канчатковы лёс сваіх прадуктаў.
Якія выгады прынясе эканоміка замкнутага цыкла?
Пераход да эканомікі замкнутага цыклу не толькі дапаможа вырашыць праблему забруджвання пластыкам, але і прынясе шэраг іншых пераваг:
Эканамічныя. Паводле ацэнак ААН, эканоміка замкнутага цыклу можа зэканоміць 1,27 трлн. долараў ЗША за кошт аптымізацыі выкарыстання рэсурсаў і даходаў ад перапрацоўкі адходаў. Яшчэ 3250000000000 даляраў ЗША можна зэканоміць за кошт прадухілення негатыўных наступстваў забруджвання пластыкам для здароўя, клімату і прыроды.
Сацыяльныя. Паводле ацэнак ААН, эканоміка замкнутага цыклу можа стварыць да 700 тысяч новых працоўных месцаў да 2040 года, асабліва ў краінах з нізкім узроўнем даходу. Гэта дапаможа палепшыць умовы жыцця мільёнаў людзей, якія працуюць у сектары па перапрацоўцы адходаў.
Экалагічныя. Па ацэнках ААН, эканоміка замкнутага цыклу можа прадухіліць выкід у атмасферу 2 мільярдаў тон парніковых газаў да 2040 года за кошт скарачэння вытворчасці новага пластыка з нафты і газу. Таксама гэта дапаможа захаваць біяразнастайнасць і функцыянаванне марскіх экасістэм.
Якія змены патрэбны ў эканамічных мадэлях і колькі гэта будзе каштаваць?
Для ўкаранення рэкамендуемых сістэмных змен неабходна інвеставаць 65 мільярдаў долараў ЗША ў год. Так, гэта шмат, адзначаюць аўтары дакладу, але гэта менш, чым бягучыя выдаткі на вытворчасць і ўтылізацыю пластыка, якія складаюць 113 мільярдаў долараў ЗША ў год.
Для фінансавання змен можна выкарыстоўваць розныя варыянты:
- перанакіраваць інвестыцыі з аб'ектаў па вытворчасці першаснага пластыка на аб'екты па яго перапрацоўцы
- увесці падатак на вытворчасць першаснага пластыка
- укараніць механізмы пашыранай адказнасці вытворцы (ПАВ), якія прымушаюць вытворцаў плаціць за збор і перапрацоўку сваёй прадукцыі.

Для паспяховага пераходу да замкнутага цыкла неабходна не толькі фінансавая падтрымка, але і палітычная воля. Эксперты заклікаюць да ўзгодненай на міжнародным узроўні палітыкі, якая дапаможа стварыць адзіныя стандарты для пластыкавых тавараў, базу ведаў аб лепшых практыках, схемах ПАВ і іншыя механізмы.
У дакладзе таксама разглядаюцца канкрэтныя палітычныя захады для кожнага этапу жыццёвага цыклу пластыка: ад праектавання да ўтылізацыі. Напрыклад, прапануецца ўвесці стандарты дызайну, якія забяспечаць магчымасць другаснай перапрацоўкі прадукцыі; забараніць ці абмежаваць выкарыстанне пэўных відаў пластыка; устанавіць мэтавыя паказчыкі па ўключэнні перапрацаванай сыравіны ў прадукцыю; знізіць падаткі або прадастаўляць ільготы для стымулявання цыклічнасці; праводзіць інфармацыйныя кампаніі для павышэння дасведчанасці спажыўцоў; выкарыстоўваць дзяржаўныя закупкі як інструмент для прасоўвання замкнутага цыкла; уводзіць маркіроўку прадукцыі для палягчэння яе сартавання і перапрацоўкі.
Эксперты падкрэсліваюць, што ўсе гэтыя меры павінны быць прыменены ў комплексе, паколькі яны ўзаемна ўзмацняюць адзін аднаго. Таксама яны адзначаюць, што час мае вырашальнае значэнне: чым хутчэй будуць прыняты неабходныя рашэнні, тым больш шанцаў пазбегнуць негатыўных наступстваў для навакольнага асяроддзя і эканомікі.